ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),

найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)